«Гэта быў вельмі харызматычны, імпазантны чалавек, металіст, жартаўнік». Сышоў з жыцця аўтар «Навінаў Васіля»

| Асобы

Памёр аўтар «Рудабельскай паказухі» Васіль Качэня. Яму было ўсяго 36 гадоў. Прычыны смерці невядомыя. Брат знайшоў Васіля нежывым на падлозе, калі зайшоў праведаць. Яго сябар Андрэй Павук распавёў «Наша Ніве»:

Мы з Васілём знаёмыя ад пачатку 2000-х. Сам ён родам з Ельска, а ў Акцябрскім апынуўся як перасяленец. Васіль вучыўся на мастака ў Бабруйску, там трапіў у рыцарскі клуб. Ведаю, што ўзнаўляў шлемы, мячы.

Прыязджаў з рыцарамі да нас на дзень горада. Гэта быў вельмі харызматычны, імпазантны чалавек, металіст, жартаўнік. І калі я пачаў займацца блогерствам, з разлікам на шоў, то ўспомніў пра Васіля.

Васіль Качэня палюбіўся публіцы. Чытаючы афіцыйныя навіны, рабіў гэта на трасянцы, парадыйна, вельмі таленавіта. Людзям падабалася гэтая іпастась Васіля, здаецца, яму атрымалася рэалізаваць сябе ў ролі вядучага і акцёра.

Да супрацы блогераў запрашаў тэлеканал «Белсат», яны мелі колькі хвілін у гумарыстычнай перадачы «Вячэрнія шпілі».

На жаль, Качэня меў вялікую загану, а менавіта — любоў да алкаголю. Хутчэй за ўсё, менавіта гэта і стала прычынай смерці. Качэня мог тыднямі сыходзіць у запой, нідзе не з’яўляцца, асабліва, калі пайшлі ахвяраванні за відэа «Рудабельскай паказухі».

Раней на жыццё ён зарабляў тым, што фарбаваў машыны, рабіў зваршчыкам.

Андрэй Павук восенню з’ехаў у Літву, прапанаваў гэта зрабіць і Васілю, але яму было цяжка мяняць свой лад жыцця, таму мужчына застаўся ў Беларусі.

Вядома, што па месца прапіскі Качэні сілавікі прыходзілі з вобшукам па справе аб масавых беспарадках. У якасці каго там праходзіў Качэня, незразумела.


Наша Ніва