Зялёныя зоны ў Савецкім раёне Гомеля не дацягваюць да нарматываў

| Горад

У Гомелі прайшла трэцяя па ліку сустрэча грамадскасці з камандай спецыялістаў "БелНІІПГорадабудаўніцтва" і прадстаўнікамі мясцовых выканаўчых органаў па абмеркаванні канчатковага варыянта праекта “Схемы зялёных зон тэрыторый агульнага карыстання”. Мясцовыя органы былі прадстаўлены намеснікам начальніка упраўлення архітэктуры Гомельскага гарвыканкама Таццянай Хамутоўскай, начальнікам і намеснікам начальніка аддзела ЖКГ і добраўпарадкавання Савецкага райвыканкама, а таксама начальнікам аддзела экалогіі гарвыканкама. На сустрэчу прыйшло каля двух дзясяткаў неабыякавых мясцовых жыхароў Савецкага раёна.  


Сустрэча пачалася з традыцыйнага даклада прадстаўніцы "БелНІІПГорадабудаўніцтва" Анастасіі Гарустовіч, якая агучыла сітуацыю з зялёнымі зонамі ў Савецкім раёне Гомеля: праходжанне праз яго тэрыторыю прыродна–воднага дыяметра спрычынілася да адносна добрай сітуацыі з зялёнымі зонамі ў раёне, якія, аднак, у сённяшнім стане не дацягваюць да ўстаноўленых заканадаўствам колькасных паказчыкаў. Прапанаваныя распрацоўшчыкамі “Схем зялёных зон…” для ўключэння зялёныя тэрторыі дазваляюць, нарэшце, і Савецкаму раёну выйсці на абумоўленыя дзейным беларускім заканадаўствам колькасныя паказчыкі па гэтым параметры: у памеры 11,23 м² гарадскога значэння і 8,77 м² раённага значэння.    

Улічваючы, што напярэдадні ўжо абмяркоўваліся праекты аналагічных зялёных зон па Цэнтральным і Чыгуначным раёнах Гомеля, у якіх распрацоўшчыкі па максімуме ўлічылі прапановы гараджан і, такім чынам, ад самага пачатку пазбавілі сустрэчы патэнцыйнага канфліктнага складніка, можна было меркаваць, што гэтак жа, у спакойнай атмасферы, пройдзе разгляд прапанаваных зон для жыхароў Савецкага раёна. Аднак нечакана сітуацыя пайшла абсалютна іншым чынам і абмеркаванне набыла завышаны эмацыйны градус, які сведчыў аб наяўнасці нявырашаных пытанняў і рашучасці мясцовых жыхароў адстойваць свае зялёныя астраўкі.

Фактычна наступныя амаль паўтары гадзіны прысутныя абмяркоўвалі толькі дзве праблемныя тэрыторыі: няўключаны ў зялёныя зоны невялікі кавалак рэальна існага фрагмента сасновага лесу на тэрыторыі МЖК “Сонечны” і няўключаную ў гэты ж спіс тэрыторыю ахоўнай зоны, прылеглай да помніка археалогіі эпохі ранняга жалезнага веку VI-III ст. да н.э. гарадзішча “Шведская горка”. Астатнія зялёныя тэрыторыі, як вынікае з гэтай сустрэчы, былі карэктна і па максімуме ўлічаны распрацоўшчыкамі “Схем зялёных зон…”, таму не выклікалі ў прысутных прынцыповых заўваг. Відавочна, гэта сведчыць пра якасць зробленай працы спецыялістамі “БелНІІПГорадабудаўніцтва”.

Па межах зялёнай тэрыторыі вакол гарадзішча “Шведская горка” (паміж аднайменным мікрараёнам і вуліцамі Жукава – Б.Хмяльніцкага) слова ўзяў гомельскі гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў. Ён пачаў з таго, што выказаў словы падзякі спецыялістам "БелНІІПГорадабудаўніцтва" за ўключэнне ў пералік зялёных зон Савецкага раёна Гомеля тэрторыі былых могілак в. Любны (на вуліцы 2-й Новалюбенскай) і стараабрадскага прадмесця Манастырок (на вуліцы Талстога), якія былі знесены у 1950–1960–я гг. і сёння ўяўляюць сабой незабудаваныя закінутыя пустыры з хаатычнымі зялёнымі насаджэннямі. Такое стаўленне распрацоўшчыкаў да тэрыторыі вечнага супакаення былых гамяльчан сведчыць пра разуменне важнасці для будучыні горада карэктнага абыходжання з такімі сумнымі месцамі памяці.   

Таксама Я. Малікаў звярнуў ўвагу прысутных на нелагічнасць і дзіўнасць неўключэння тэрыторый, прылеглых да гарадзішча “Шведская горка”, у спіс зялёных зон Гомеля. Свае аргументы ён выклаў наступным чынам: 

Канфігурацыя няўключанай тэрыторыі дзіўным чынам паўтарае абрысы былога мікрараёна 59 а, які быў на гэтай тэрыторыі запланаваны яшчэ ў 2016 г., але праект якога быў забракаваны жыхарамі Гомеля ў час грамадскага абмеркавання ўвесну 2016 г. Адпаведна, нехта мэтанакіравана лабіруе гэтую тэрыторыю пад жылую шматпавярховую забудову, нягледзячы на вынікі грамадскага абмеркавання;

– Значны фрагмент няўключанай у зялёную зону тэрыторыі з’яўляецца ахоўнай зонай помніка 3 катэгорыі, уключанага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэпублікі Беларусь. Адпаведна, ужо само праектаванне забудовы на гэтай тэрыторыі з’яўляецца парушэннем дзейнага заканадаўства, не кажучы ўжо пра будаўніцтва;

– Захаванне і добраўпарадкаванне рэальна існай зялёнай зоны, прылеглай да помніка эпохі ранняга жалезнага веку – гарадзішчча мілаградскай археалагічнай культуры “Шведская горка” (VI-III ст. да н.э.) – дазволіць не толькі захаваць самы стары існы на тэрыторыі сучаснага Гомеля помнік археалогіі і архітэктуры, але і ў будучым стварыць унікальны турыстычны комплекс, па сваіх асаблівасцях супастаўны з Гомельскім палацава-паркавым ансамблем.

Асобную частку Я. Малікаў прысвяціў альтэрнатыўнаму варыянту выкарыстання гэтай тэрыторыі. Паводле яго звестак, дадзенае гарадзішча з’яўляецца адзіным прыкладам ў Беларусі, калі на тэрыторыі абласнога цэнтра да нашага часу захаваўся помнік 2500-гадовага ўзросту і ў такім стане, што яго можна аднавіць у выглядзе “музея жывой археалогіі” – рэканструкцыя і музеефікацыя помніка ў выглядзе адноўленых драўляных сцен, брамы, вежаў, жылых і гаспадарчых пабудоў гарадзішча ў тым выглядзе, як яны існавалі ў старажытнасці, а таксама арганізацыя паказу побыту і асаблівасцей жыцця жыхароў гэтага паселішча ў перыяд яго функцыянавання. Такія музеі існуюць ў многіх еўрапейскіх краінах, карыстаюцца вялікай папулярнасцю і адыгрываюць важную ролю ў патрыятычным выхаванні маладога пакалення.  


Аднак важную ролю для функцыянавання такога “музея жывой археалогіі” адыгрывае максімальнае захаванне прылеглага гістарычнага ландшафта і зялёных тэрыторый. У гэтым плане важную ролю Я. Малікаў адвёў стварэнню на ўсёй тэрыторыі, прылеглай да помніка, ландшафтна-прыроднага парка “Шведская горка”. А гэтая тэрыторыя сапраўды ўтрымлівае годныя фрагменты – бераг ракі Сож і пляж, высокую пясчаную прыродную дзюну (на якой і змешчана, уласна, гарадзішча і іншыя помнікі археалогіі), шырокі поплаў, парэшткі старажытнага Астахнова балота (якія можна пераўтварыць у азёры, накшталт зробленых у Валатаве) і іншае. Асобнай каштоўнасцю з’яўляецца ручай-рэчка Сасноўка, які бярэ пачатак ў раёне вуліцы Сасновай, а сваім вусцем упадае ў Сож непасрэдна каля самога гарадзішча і на якім у сухі летні перыяд утвараецца прыродны вадаспад каля 1,5 метра вышынёй. Зведзеныя разам ўсе гістарычныя і прыродныя асаблівасці дадзенай тэрыторыі пры належным падыходзе і арганізацыі змогуць стаць яркай асаблівасцю не толькі Савецкага раёна, але і ўсяго Гомеля.  


Відавочна, што фінансавыя рэсурсы ў бліжэйшы час не дазволяць ажыццявіць дадзены праект, але забудова прылеглай тэрторыі шматпавярховымі дамамі не дазволіць ажыццявіць яго ўжо ніколі і наш горад згубіць унікальную патэнцыйную магчымасць для развіцця свайго гісторыка-турыстычнага патэнцыяла. Не выклікае сумневу, што дадзены парк будзе запатрабаваны ў жыхароў горада – абапал яго знаходзяцца густанаселеныя мікрараёны Любенскі, Шведская горка, вуліца Жукава і праспект Кастрычніка.  

Прысутныя з вялікай цікавасцю выслухалі прапанову гісторыка Малікава, задалі яму ўдакладняючыя пытанні.  

Па праблеме зялёнай зоны ў МЖК “Сонечны” выступіў прадстаўнік ініцыятыўнай групы Аляксандр Іванавіч. Ён паведаміў, шо ў час папярэдніх сустрэч з гарадскімі архітэктарамі і прадстаўнікамі мясцовых уладаў з Савецкага райвыканкама і Гарвыканкама ім неаднаразова паведамлялі, што ніякага дома на тэрыторыі зялёнай зоны ў МЖК “Сонечны” не будзе і ўсе іх пажаданні былі ўлічаны. Аднак, на прадстаўленым плане “Схем азеляннення…” каля дома № 1 сярод зялёнай зоны апынуўся невялікі кавалак, выключаны з зялёнай зоны, які сваімі памерамі адпавядае тыповаму жылому дому. Такім чынам, нягледзчы на шматлікія заўпэўніванні, мясцовыя ўлады не стрымалі свае абяцанні і плануюць дадзены кавалак зялёнай зоны пад забудову. А жыхары хвалююцца, бо там знаходзяцца каля 30-40 дарослых прыгожых дрэваў. І таму жыхары мікрараёна настойліва просяць падправіць схему і ўключыць у яе ўсю існую зялёную тэрыторыю ў МЖК “Сонечны”. Яго падтрымалі і іншыя прысутныя мясцовыя жыхары.  

Слова ўзяла Таццяна Хамутоўская, якая паведаміла, што на бліжэйшым архітэктурна-горадабудаўнічым савеце будзе ўзнята гэтае пытанне, і калі дадзены савет знойдзе магчымасць уключыць гэты фрагмент у зялёныя зоны, тады будуць унесены карэкціроўкі і ў праект “Схем зялёных зон…”. Аднак яе адказ не задаволіў аўтараў пытання. Асаблівае непрыманне выклікала прапанова кампенсацыйных пасадак зялёных насаджэнняў у замен ліквідаваных дрэваў.

Паступова градус абмеркавання пачаў накаляцца. “Рукі прэч ад нашых дрэваў!” “Мы ніякіх дамоў там будаваць не дамо і просім вас уключыць гэты ўчастак у зону сквера. Пачуйце нас!”, “У нас ёсць вопыт работы з гарадскімі службамі добраўпарадкавання. Мы ўспомнім усё, мы нічога не забылі!”, — пачалі сыпаць лозунгамі і патрабаванняі мясцовыя жыхары, ледзь не зрываючыся на крык.  

У час напружанай размовы частка мясцовых жыхароў, абараняючы сваю зялёную зону, заняла эмацыйную пазіцыю: “У нашым горадзе не трэба ўжо болей нічога будаваць, бо насельніцтва і так змяншаецца, не трэба і кампенсацыйных зялёных пасадак у чорта на кулічках”. Такі выключна эмацыйны “спосаб” вырашэння гарадскіх праблем завёў размову са спецыялістамі ў пэўны лагічны тупік. Сітуацыю крыху разрадзіў гісторык Яўген Малікаў, які нагадаў прысутным, што горад – гэта адзіны цэльны арганізм і дабрабыт кожнага яго раёна і двара залежыць ад сітуацыі ва ўсім горадзе ў цэлым. Таму, калі гарадскія актывісты і неабыякавыя мясцовыя жыхары хочуць адстаяць зялёныя зоны каля сваіх дамоў, яны павінны разумець праблемы ўсяго горада, а не толькі непасрэдна свайго двара. І, адпаведна, шукаць і прапаноўваць сустрэчныя варыянты для вырашэння праблемы, а не яе перакладвання ці ігнаравання. Толькі тады ў нас ёсць шанс стварыць сапраўды горад утульным і камфортным для пражывання.  

Зрэшты, лёс і зялёнага кавалка ў МЖК “Сончны”, і зялёнай зоны вакол гарадзішча “Шведская горка” залежыць у канчатковым выніку ад рашэння заказчыка распрацоўкі “Схем азелянённых тэрыторый агульнага карыстання” – Гомельскага гарвыканкаму. Ці пачуюць яны меркаванне гараджан, мы даведаемся ўжо праз некалькі месяцаў.  

Флагшток

Знойдзена найстарэйшая выява Навабеліцы

| Горад

Як паведамляе краязнаўчы паблік Пошукі старога Гомеля, знойдзена ўнікальная выявы сённяшняй Навабеліцы. Малюнак сярдзіны 19 стагоддзя быў адсканаваны і выкладзены адным з расійскіх архіваў.