Дзеянні сілавікоў можна назваць генацыдам

| Палітыка

Да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі звяртаюцца дзясяткі жыхароў горада, якія заяўляюць, што пасля затрымання на мірных акцыях пратэсту ў дачыненні да іх ужываліся катаванні і збіццё.


Фота: spring96.org

Нядаўна “Флагшток” пісаў пра гісторыю 20-гадовага гомельца Паўла Пагарцава, якога беспадстаўна затрымалі байцы АМАП на вуліцы Кірава. Маладзёна даставілі ў РАУС Цэнтральнага раёна. Калі міліцыянты ўбачылі ў хлопца футарал тэлефона з выявай герба “Пагоня”, то яго пачалі збіваць з асаблівай жорсткасцю нагамі. Мы запыталіся ў Леаніда Судаленкі, як можна кваліфікаваць такія дзеянні праваахоўнікаў, якія пераследуюць грамадзянаў за погляды, адрозныя ад афіцыйных. 

Леанід Судаленка: 

— Я лічу, што гэта сапраўдны генацыд беларускага народу. Ёсць такі артыкул у Крымінальным кодэксе, калі пэўная група людзей пераследуе іншую за погляды. Я смела называю гэта генацыдам за тое, што адбывалася падчас выбараў і ў наступныя дні. Паслухаўшы сведчанні пацярпелых, якія гавораць пра катаванні, збіццё, бесчалавечнае стаўленне, тут можна цэлы “букет” крымінальных артыкулаў узгадаць. Уяўляеце сабе, да мяне звярнуўся, напрыклад, хлопец, якога пасля затрымання некалькі разоў ва ўнітаз акуналі, змывалі адмыслова ваду, каб ён яе наглытаўся. Ён кажа: “Я захлынаюся, а яны трымаюць галаву”. А калі прымушаюць поўзаць у калідоры ў Цэнтральным РАУС, пры гэтым лупцуючы дубінкамі і нагамі? А калі мне кажа адна ахвяра, што ён апазнаў, што яго асабіста збіваў начальнік РАУС, а ён у той момант ляжаў са звязанымі рукамі на падлозе. А ў Чыгуначным РАУС людзям пазвязвалі скотчам ногі і ў такім стане яны ляжалі па 18 гадзін. Людзям не давалі ні вады, ні ежы, не пускалі ў прыбіральні. Як гэта можна назваць, акрамя як катаванні? Ужо 84 жыхары Гомеля звярнуліся да мяне з абскарджваннем незаконных арыштаў. 25 чалавек падалі заявы ў Слудчы Камітэт па фактах збіцця. Нельга пакідаць без увагі факты катаванняў і бесчалавечнага абыходжання з затрыманымі пратэстоўцамі ў раённых аддзелах міліцыі, трэба, каб кожны атрымаў па сваіх заслугах. 

Флагшток