«Уключылі ў спіс з пазнакай, што ня можа напісаць прашэнне». Ці памілуюць Дзмітрыя Гопту, які мае разумовую недастатковасць

| Палітыка

З лютага ў зняволенні знаходзіцца 21-гадовы Дзьмітры Гопта. Нягледзячы на разумовую адсталасьць і псіхіятрычныя дыягназы, яго прызналі вінаватым у масавых беспарадках і гвалце над міліцыяй, хоць ніхто не пацярпеў. Дзмітрыя пакаралі калоніяй на два гады. Ці памілуюць Дзмітрыя Гопту, распавядае Радыё Свабода.


Цяпер ён адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі. Хлопец хоча дахаты, ён сумуе па блізкіх. Дзмітрый напісаў бы прашэньне аб памілаванні, ды проста ня можа гэта зрабіць самастойна.

«Калі тэлефануе, то кажа, што ўсё добра»

Апошні раз Вольга бачыла сына 26 траўня — ім далі кароткатэрміновае спатканьне ў віцебскай калоніі.

«Дзімка пісаў просьбу на доўгатэрміновае, але яму адмовілі. Лістоў вельмі мала. Раней ён тэлефанаваў кожны тыдзень, цяпер чамусьці ўжо два тыдні цішыня... Да яго лісты даходзяць, але ня ўсе. Неяк ён тэлефанаваў і казаў, што паслаў ліст мне і бабулі. Мне дайшоў, а бабуля не атрымала. Калі ён тэлефануе, то кажа, што ўсё добра, але наўрад ці Дзімка можа сказаць нешта іншае, калі пры размове прысутнічае супрацоўнік калоніі», — кажа Вольга.

Дзмітры працуе ў калоніі на швейнай фабрыцы. Там шыюць робы, а Дзіма абразае ніткі.

«Жыву аднымі чаканнямі — лістоў, тэлефанавання, спаткання. Цяпер чакаю адказ ад „Круглага сталу дэмакратычных сілаў“ (ініцыятывы Юрыя Васкрасенскага. — РС) — прасіла іх паспрыяць, каб Дзіму памілавалі», — зазначыла жыхарка Жлобіна.

У «Круглым стале дэмакратычных сілаў» паведамілі, што Дзмітры Гопта ўключаны ў другі спіс на памілаванне з пазнакай, што ня можа напісаць прашэнне. Гэты сьпіс будзе перададзены 1 верасьня ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Вольга спадзяецца, што сына памілуюць. Ад ягоных дзеянняў ніхто не пацярпеў.


фота: старонка Facebook Аляксея Талая

Нядаўна Вольга выпадкова заўважыла ў «ВКонтакте» пост спартоўца Аляксея Талая, які наведваў з лекцыяй віцебскую калонію. Асуджаныя былі на здымку спінамі. Але Вольга пазнала сярод іх свайго сына. «Вось ён, бачыце, самы маленькі, лапавухі мой», — паказала Вольга.

«Перадай усім, што я іх моцна люблю»

«Прывітанне, дарагая мама! З днём нараджэння. Зычу шчасця, здароўя, любові і дабрабыту ў сям’і. Ты ў мяне самая любімая мама на свеце. Я вельмі моцна па вас сумую. Хочацца хутчэй дадому. Перадай усім, што я іх моцна люблю. І людзям перадай, якія мне пісалі лісты. І перадай усім, што я хутка вярнуся дадому. Мне б хацелася ўбачыць тых, хто мне дапамаглі, пісалі лісты», — напісаў палітвязень у адным з лістоў дахаты.