«Заблакавала міліцэйскую машыну дзіцячым вазком». Новыя затрыманні і палітычныя суды на Гомельшчыне

| Палітыка

Машына палітычных рэпрэсій у Беларусі не спыняе рух: за апошнія дні стала вядома пра чарговыя затрыманні і прысуды. Таксама ў бліжэйшы час у Гомелі пачнуцца новыя палітычна матываваныя судовыя працэсы.

Са спасылкай на праўладныя Тэлеграм-каналы «Гомельская вясна» паведамляе пра затрыманне ў Ельску аператара кацельні ў ААТ «Ельскі кансервавы завод» Яўгена Сышчанку. Мужчыну абвінавацілі ў стварэнні тэлеграм-суполкі з назвай «Ельск 97%».

Тым часам 51-гадовага гамельчука падазраюць у распальванні варожасці і абразе прадстаўніка ўлады. Валянціна Музыкіна затрымалі ўжо ў другі раз: восенню 2021 года мужчыну вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады, але тады лінгвістычная экспертыза паказала, што абразы не было. 20 чэрвеня мужчыну выклікаў да сябе следчы і выявілася, што справу зноў распачалі, а таксама дадалі абвінавачванне ў распальванні варожасці. За што менавіта – незразумела, але дадому Валянціна ўжо не адпусцілі.


Валянцін Музыкін

21 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёна Гомеля вынесены прысуд мясцоваму жыхару Канстанціну Дудараву. Суддзя Сяргей Мальцаў прызнаў яго вінаватым паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса («Паклёп у дачыненні да Лукашэнкі») і агучыў вырак: год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У даход дзяржавы будзе канфіскаваны мабільны тэлефон абвінавачанага — ён прызнаны «сродкам здзяйснення злачынства». Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, таму падрабязнасці невядомыя.

Рэчычанку, якая заблакавала рух міліцэйскаму транспарту дзіцячай каляскай, асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі»

Суд Рэчыцкага раёна вынес прысуд мясцовай жыхарцы Ганне Васільевай, якую абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка, паведамілі праваабаронцы 20 чэрвеня.

Па матэрыялах абвінавачання, Васільева, «з мэтай публічнага выказвання незаконнымі спосабамі сваіх грамадска-палітычных поглядаў і пратэсту супраць ходу і вынікаў выбараў актыўна перашкаджала руху службовага аўтамабіля АУС Рэчыцкага райвыканкама, выкарыстоўваючы дзіцячы вазок, змушаючы яго спыніць рух і ў далейшым змяніць маршрут руху, пры гэтым аказваючы відавочнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам АУС аб спыненні грубага парушэння грамадскага парадку». Маладую маці асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі».



Тым часам суд Жлобінскага раёна вынес прысуд па крымінальнай справе Віталія Багамазава, якога абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК). Справу разглядаў суддзя Мікалай Сергеевіч.

Па матэрыялах абвінавачання, Багамазаў, у перыяд часу прыкладна з 20 гадзін 00 хвілін 9 жніўня 2020 года да 1 гадзіны 30 хвілін 10 жніўня 2020 года «дзейнічаючы ўзгоднена, сумесна з іншымі асобамі, прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, а таксамам спалучаных з наўмыснай перашкодай руху грамадскага транспарту і нармальнаму функцыянаванню прадпрыемстваў і арганізацый», піша «Вясна».

23 чэрвеня ў судах Гомельскай вобласці — сумны «жаночы дзень» па палітычна матываваных справах. Будуць судзіць Ірыну Слаўнікаву, Жанну Новікаву і Вераніку Тужыкаву. Усе абвінавачанні звязаны з пратэстамі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе.

Ірына Слаўнікава — былая журналістка тэлеканала «Белсат». Беларускія ўлады ўключылі яго ў спіс экстрэмісцкіх фарміраванняў. Журналістка была затрымана 30 кастрычніка 2021 г. пасля вяртання з адпачынку ў Егіпце і абвінавачана па ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім». Яе таксама абвінавацілі па ч. 1 арт. 342 — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Судзіць Слаўнікаву пачнуць у 10.00 у Гомельскім абласным судзе, суддзя — Мікалай Доля.


Ірына Слаўнікава

Жыхарка Мазыра Жанна Новікава абвінавачана па арт. 364 Крымінальнага кодэкса — «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў адносінах супрацоўніка органаў унутраных спраў» і па ч. 1 арт. 366 — «Гвалт альбо пагроза ў адносінах пасадавай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі доўг». Грамадзянку будзе судзіць суддзя Элеанора Ярмоленка ў судзе Мазырскага раёна.

У гэты ж дзень у судзе Рагачоўскага раёна будзе разглядацца крымінальная справа, па якой абвінавачанай з’яўляецца Вераніка Тужыкава. Яе будуць судзіць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: 367 (частка 1) — «Паклёп у адносінах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», 368 (частка 1) — «Знявага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», і 369 — «Знявага прадстаўніка ўлады». Суддзя па справе — Ірына Прадун. Паседжанне будзе закрытым.


Ігар Галушка

Таксама стала вядомая дата суду над вандроўнікам Ігарам Галушкам — 30 чэрвеня ў 10:00 працэс пачнецца ў Гомельскім абласным судзе. Паседжанне мае быць адкрытым. Нагадаем, вядомага гомельскага вандроўніка і арганізатара турыстычных паходаў абвінавачваюць паводле арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і арт. 130 (распальванне варожасці) Крымінальнага кодэксу. Дарэчы, падтрымаць палітвязня і павіншаваць з надыходзячым днём народзінаў, які Ігар адзначыць за кратамі 29 чэрвеня, можна па адрасе: СІЗА-3, 246003 г. Гомель, вул. Кніжная, 1А.